ТРЫБУ́НЫ НАРО́ДНЫЯ, трыбуны плебейскія (лац. tribuni plebis),

у Старажытным Рыме вышэйшыя выбарныя (з 494 да н.э.) службовыя асобы з плебеяў. Валодалі правам умяшання ў дзеянні патрыцыянскіх магістратаў (акрамя дыктатара) і сената; маглі забараніць іх пастановы (права veto). Т.н. складалі калегію з 2—10 асоб, якіх выбіралі на плебейскіх сходах на 1 год. Асоба Т.н. лічылася свяшчэннай і недатыкальнай. Т.н. выступалі ініцыятарамі агр. законаў і дэмакр. пераўтварэнняў. З дзейнасцю трыбунаў Тыберыя і Гая Гракхаў, напр., звязаны найвыш. ўздым дэмакр. руху ў Рыме. У эпоху імперыі Т.н. фармальна захаваліся, але страцілі рэальнае значэнне, паколькі носьбітамі трыбунскай улады з часоў Цэзара сталі імператары.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)